За 300 год нічога не змянілася. Толькі тэхніка і імёны выканаўцаў. Нават нагода тая самая: Магілёў паказаў празаходні курс, бо перад тымі падзеямі адкрыў браму шведам. Адпаведна — быў пакараны: пераўтвораны ў попел.
Кіркевіч: «Нічога надзвычайнага не адбылося: Масковія дзейнічае звыклымі для яе метадамі. Узгадайце лёс Полацкай Сафіі»
Якое «праваслаўе» бароніць Масква, палячы святыні? Пра гэта на Budzma.org разважае Алесь Кіркевіч.
Расія ўдарыла па Кіева-Пячэрскай лаўры. Фота 1000-гадовай праваслаўнай святыні ў агні ўжо абляцелі свет. Напэўна, так і выглядае абарона «праваслаўя», «хрысціянскіх каштоўнасцяў», праўда?.. Тыя, хто ў тэме, звярнулі ўвагу на жудасны сімвалізм: Успенскі сабор Кіеўскай лаўры гарыць у дзень… святкавання Сабору ўсіх рускіх святых.
Бесы, антыхрысты, бязбожнікі — стужка падказвае эпітэты для злачынцаў, якія адначасна маюць тлумачыць тое, што адбылося. Чаму? Бо — бесы. Якое яшчэ можа быць тлумачэнне? Ніякай вайсковай логікі тут няма. Страшна пісаць, але людзі «звыкліся» да расійскіх удараў па цывільнай інфраструктуры і лякарнях, а вось да ўдараў па калысцы ўсходняга хрысціянства — не звыкліся.
«Божыя цэрквы, заняўшыся агнём, валяцца на зямлю…»
Калі ж глядзець з гістарычнай рэтраспектывы — нічога надзвычайнага не адбылося: Масковія дзейнічае звыклымі для яе метадамі. Узгадайце лёс Полацкай Сафіі: расіяне яе ўзарвалі падчас Паўночнай вайны. Узгадайце лёс храмаў Магілёва падчас той самай вайны. За адзін дзень — 8 верасня 1708 года — праваслаўная сталіца Усходняй Беларусі пераўтварылася ў попел:
«…На загад цара Пятра Аляксеевіча масква, калмыкі і татары ў вышэйпамянуты дзень, роўна з усходам сонца, абкружылі места з усіх бакоў. (…) Божыя цэрквы, патроху заняўшыся агнём, валяцца на зямлю, царкоўныя купалы (…) гараць, а бляхі ад вогненнага шалу лятаюць па паветры, як птушкі, званы самі звоняць…»
Так піша магілёўская хроніка. Калі замяніць Пятра на Уладзіміра, а татараў і калмыкаў на дроны і ракеты — атрымаецца тое самае, што і зараз.
Пажар у Кіеўскай лаўры ў 1718-м… Выпадковасць?
Ці было інакш ва Украіне? Не, тое самае. Сталіцу Гетманскай дзяржавы — Батурын — з барочнымі цэрквамі, іконамі, алтарамі, кнігамі — чакаў той самы лёс: усё пераўтварылася ў попел. Гэта той самы 1708 год, розніца з магілёўскімі падзеямі — два месяцы.
А праз 10 гадоў, у 1718-м, Пётр выдаў загад: усё золата з украінскіх цэркваў аддаць яму, на вайсковыя патрэбы. Войны ў расіянаў ніколі не сканчаліся, таму, колькі ні дасі — будзе мала.
Акурат тады, у 1718 годзе адбываецца жудасны пажар у Кіева-Пячэрскай лаўры. Згарэлі агромністы архіў і бібліятэка, а разам з імі — загінулі граматы літоўскіх князёў, украінскіх гетманаў… Была знішчаная памяць пра незалежнае духоўнае і палітычнае жыццё Лаўры ды ўсяго краю. Выпадковасць?..
Усе гэтыя падзеі ўкладаюцца ў ланцужок, з якога паўстае прынцып. Той самы прынцып, якім кіраваліся і Пятро Першы, і Сталін, і Пуцін. Праваслаўе ў маскоўскім свеце можа існаваць выключна як падкантрольны інструмент для задурвання мазгоў. Ніякага іншага праваслаўя быць не можа. Толькі сваё — прыкормленае. А ўсё тое, што не адпавядае — «трэба знішчаць»: як канкуруючую фірму, якая працуе пад тым самым «лэйблам».
Духоўная «дэмілітарызацыя»
Праваслаўе для Масквы заўжды было інструментам, а не каштоўнасцю ці звышкаштоўнасцю. Гэта — зброя. Калі свая — трэба берагчы і даглядаць. Чужая — адбіраць ці знішчаць. Таму і ўдары па праваслаўных цэнтрах, якія знаходзяцца ў «варожых руках» — гэта тая самая абяцаная «дэмілітарызацыя»: духоўнае раззбройванне. Або з намі, або ніяк.
Ці з’яўляюцца пасля гэтага расіяне бесамі і антыхрыстамі? — пытанне не рытарычнае, а тэалагічнае. А вось, ці можна іх лічыць хрысціянамі?.. Адказ відавочны.
Читайте еще
Избранное