Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале
Кацярына Саковіч, мабыць, знаходзілася ў адным з эпіцэнтраў катастрофы, піша Наша Ніва.
Сярод соцень людзей, якія зніклі без вестак у жудасным патоку гразі ў Непале, была і паломніцкая група ўкраінца Аляксандра Белага. Гэта ёг, падарожнік і масажыст з Адэсы, які вядзе рэтрыты ў розных краінах.
Цяпер арганізатары паломніцтва распаўсюджваюць даныя пра групу па сацсетках, каб хоць неяк паспрыяць пошукам. Паводле тых даных, група Белага была часткай больш вялікай партыі паломнікаў у складзе 55 чалавек. А з самім Белым, у яго групе, было яшчэ пяць украінцаў і беларуска — Кацярына Саковіч. Акрамя таго, знік і непальскі гід групы.
Кацярыне Саковіч 41 год. Яна мае два грамадзянствы — беларускае і ізраільскае, жанчына шмат гадоў жыве ў Мілане. Яна займаецца медытацыямі і цялеснымі практыкамі, а таксама дзеліцца гэтым з іншымі жанчынамі: напрыклад, 31 ліпеня арганізоўвала рэтрыт на італьянскім возеры Кома.
19 жніўня Кацярына пакінула пост у фэйсбуку, дзе расказвала, што адпраўляецца ў кору (від паломніцтва) да святой тыбецкай гары Кайлас. У выніку яе група мусіла прайсці каля 52 км вакол гары і падняцца на вышыню прыкладна 5600 метраў.
Беларуска тлумачыла, чаму рашылася на паломніцтва:
«Людзі кажуць, што насамрэч ты не «ідзеш» да Кайласа, цябе туды клічуць. Не ведаю, ці веру ў гэта літаральна. Але ведаю, што па нейкай прычыне гэтае падарожжа мяне прыцягвае ўжо нейкі час […]
Мне проста цікава, што адбываецца, калі ты забіраеш сябе вельмі далёка ад усяго знаёмага — і фізічна, і ўнутрана. Магчыма, нічога не здараецца. Магчыма, нешта і адбываецца. Кайлас, я іду».
Група Белага выйшла ў падарожжа 21 жніўня, вандроўнікі пачалі шлях з Катманду, сталіцы Непала. Паводле звычайнага маршруту такога трэкінгу, далей група мусіла рухацца да непальска-кітайскай мяжы, а потым працягнуць шлях у Тыбеце.
Сваячка аднаго з членаў групы піша ў сацсетках, што група паспела дайсці да мяжы. Паводле яе слоў, ранкам 26 жніўня, калі здарылася катастрофа, група знаходзілася ля памежнага перахода Расувагадхі на непальскім баку.
Белы і яго паломнікі, у тым ліку і Кацярына Саковіч, стаялі ў доўгай чарзе падарожнікаў, якія чакалі, пакуль кітайскі бок пачне афармляць іх пераход праз мяжу. Каб яе перайсці, яны мусілі прайсці па мосце — цяпер той мост цалкам знішчаны, і сам комплекс перахода практычна разбураны.
Мяркуецца, прыкладна ў 8:30 паломнікі ўсё яшчэ стаялі ў чарзе на пераходзе, хутка пасля гэтага і сышоў сель. Пераход аказаўся непасрэдна на шляху разбуральнай селевай плыні.
З таго часу няма інфармацыі пра лёс групы. Сваякам зніклых паведамілі, што арганізатары паездкі з непальскага боку накіравалі ў зону катастрофы верталёт, але не змаглі нікога знайсці.
Паколькі ў Кацярыны ёсць ізраільскае грамадзянства, МЗС Ізраіля пагадзілася дапамагчы з яе пошукамі. Ёсць навіны пра тысячы выратаваных з зоны катастрофы, але пакуль няясна, ці ўдалося хоць некаму выратавацца з той чаргі на памежным пункце, дзе мусіла стаяць група Белага. З другога боку, пакуль не варта рабіць высновы пра лёс групы, бо для гэтага мы маем занадта мала інфармацыі: спісы выратаваных і загінулых пакуль вельмі сырыя.
Читайте еще
Избранное