Общество

У палітзняволенага былога каліноўца Васіля Верамейчыка, верагодна, быў інфаркт

Яўгенія, жонка былога добраахвотніка Васіля Верамейчыка, расказала Нашай Ніве пра цяжкі стан яго здароўя.

Праз сур'ёзныя праблемы з сэрцам палітвязня ўжо дадалі ў гуманітарныя спісы.

Праблемы ў Васіля пачаліся, яшчэ калі ён знаходзіўся ў СІЗА. Тады Верамейчык скардзіўся на сімптомы, што ўказваюць на праблемы з сэрцам: боль у грудзях, дыхавіца, галавакружэнне, ацёкі рук і ног. Медыцынскай дапамогі ў СІЗА яму не аказалі.

У 2025 годзе Верамейчыку прысудзілі 13 гадоў калоніі і павезлі адбываць той тэрмін у шклоўскую калонію №17. Там Васілю нарэшце зрабілі абследаванне — узялі аналізы і правялі УГД сэрца.

Дакладныя вынікі сям'я мужчыны не ведае, але пасля таго абследавання Верамейчыку прызначылі кропельніцы і выпісалі ажно чатыры моцныя прэпараты: аспікард, клопідагрэл, аторвастатын і метапралол.

Яўгенія падзялілася заключэннем незалежнага доктара на аснове інфармацыі пра стан Васіля:

— Ёсць прыкметы сур’ёзнага сардэчна-сасудзістага захворвання, верагодна ішэмічнай прыроды, з высокай рызыкай трамбатычных ускладненняў.

Прызначаная тэрапія (антыагрэганты, бета-блакатары, статыны) характэрная для пацыентаў пасля інфаркту міякарда або з высокай рызыкай яго развіцця. Стан патрабуе пастаяннага медыцынскага назірання і можа горшаць ва ўмовах ізаляцыі.

Сітуацыю ўскладняе тое, што ў Верамейчыка спадчынная схільнасць да сардэчна-сасудзістых хваробаў. У яго блізкіх сваякоў былі выпадкі інфарктаў і цяжкіх аперацый.

Яшчэ адной прыкметай стану Васіля яго родныя лічаць тое, што Верамейчыка ў калоніі доўгі час не адпраўлялі ў ШЫЗА, хаця туды часта трапляюць палітвязні і з менш цяжкімі артыкуламі. Адміністрацыя калоніі ўдакладняла, што Васіль пазбягаў ШЫЗА праз ягоныя праблемы з сэрцам.

Вясной 2026‑га ўсё змянілася — родныя Верамейчыка бачаць па абмежаваннях у камунікацыі і іншых прыкметах, што палітвязня ўжо некалькі разоў адпраўлялі ў ШЫЗА. Яго таксама пазбавілі тэлефанаванняў, прадуктовых і медыцыскіх перадач.

Паводле слоў Яўгеніі, у пачатку чэрвеня Васіля мусілі перавесці ў бальніцу пры мінскім СІЗА-1, каб зрабіць яму аперацыю на сэрцы. Але замест гэтага палітвязня кінулі ў ШЫЗА, а потым і ўвогуле ў ПКТ.

Там Васіль будзе яшчэ больш ізаляваны ад медычнай дапамогі, у тым ліку экстраннай. Цяжкія ўмовы ў ПКТ — тое ж ШЫЗА, толькі з невялікімі паслабленнямі — небяспечныя тым, што яго сэрца, якое і так працуе на мяжы, будзе пад яшчэ большай рызыкай.

Паводле Яўгеніі, Васіля Верамейчыка дадалі ў гуманітарны спіс палітвязняў з сур'ёзнымі праблемамі са здароўем, што патрабуюць як мага хутчэйшага вызвалення.