Васілевіч: «Сёння людзі не могуць адрозніць жывога святара ад штучнага інтэлекту»

Тэалагіня — пра тое, як улады падарвалі давер да рэлігійных структур і чаму некаторыя вернікі выпраўляюцца на вайну супраць Украіны.

Прапаганда загаварыла пра «актывізацыю ілжэсвятароў і псеўдарэлігійных структур» на тэрыторыі нашай краіны. І гэта, нагадаем, на фоне пераследу і ціску на святароў і вернікаў. Ці ідзе гаворка пра актывізацыю сектаў, альбо пра нежаданне беларусаў мець справу з афіцыйна прызнанымі рэлігійнымі структурамі, прынамсі праваслаўнай царквой?

На думку тэалагіні, эксперткі ў галіне рэлігіі, палітыкі і праваабароны Наталлі Васілевіч, падставы для такіх змен  дзяржава дае сваімі дзеяннямі.

— Яны ціснуць на рэлігійныя арганізацыі, супольнасці, лідараў, не даюць ім спакойна жыць, не даюць ім выказвацца, не даюць ім праяўляць сябе напоўніцу ў Беларусі, — зазначае тэалагіня ў эфіры Еўрарадыё. — Многія вымушаны выязджаць, многія вымушаны маўчаць, ісці ў нейкае паўпадпольнае існаванне.

Безумоўна, калі гэтае поле становіцца трошкі па-іншаму зараджаным, і людзі не могуць знайсці ажыццяўлення сваіх патрэбаў у існых рэлігійных арганізацыях, яны шукаюць чагосьці іншага.

Другая прычына, на мой погляд — агульная палітыка ўладаў. Жыццё ў Беларусі апошнія шэсць гадоў — гэта жыццё ў страху, у няпэўнасці, пад пастаянным ціскам. У нестабільных умовах, дзе ты ведаеш, што не можаш нічога сказаць, выступіць, і павінен забыцца на тое, што рабіў, напрыклад, у 2020 годзе — многія знаходзяцца, так бы мовіць, у нестабільным эмацыйным і духоўным стане. І гэта таксама з’яўляецца падставай для пошуку альтэрнатыўнай рэлігійнасці.

Зрэшты, ў выпадку абурэння прапаганды, дадае экспертка, хутчэй за ўсе, гаворка ідзе пра канкрэтны выпадак. Так, нядаўна на Віцебшчыне быў затрыманы чалавек, які прадстаўляў сябе святаром і клікаў людзей на набажэнствы (прычым збіраў з іх грошы), але насамрэч не належаў ні да якой рэлігійнай супольнасці і фактычна займаўся махлярствам.

— Але праблема не ў такіх адзінкавых махлярах. Сёння людзі не могуць адрозніць жывога святара ад штучнага інтэлекту.

Шмат з’явілася ў сацсетках фейкавых профіляў, дзе так званаму бацюшку, напэўна, промпт пішуць «скажы што-небудзь па-праваслаўнаму», — і людзі пачынаюць іх слухаць. Проста нейкая эпідэмія іх здарылася.

Для мяне гэта сведчыць пра тое, што сапраўдныя бацюшкі вельмі часта паводзяцца як ШІ, — у тым, што яны гавораць, няма сапраўдных эмоцый, перажыванняў, ідэй. А тыя, хто збірае лайкі, падпіскі і г.д. на рэлігійным кантэнце, гэта зразумелі і даюць людзям, што тыя хочуць пачуць.

Паводле Наталлі Васілевіч, гэта непрыемныя высновы не толькі для святароў, але і для рэжыму Лукашэнкі, якому варта асэнсаваць, да чаго прывяла ягоная ж уласная палітыка і абмежаванне свабоды людзей у рэлігійным самавыяўленні.

— Я думаю, што гаворка не толькі пра БПЦ. Многія рэлігійныя арганізацыі, на жаль, закранае гэты вірус — яны вымушаныя ісці, можа, не супраць праўды, але не за праўдай. Абмяжоўваць яе дзеля бяспекі сваёй і прыхаджанаў.

Фармуецца поле, у якім баяцца сказаць праўду. Гэта становіцца нормай, усім зразумела і раздзяляецца.

Але ж знашага боку няправільна было б патрабаваць пэўных заяваў ад рэлігійных лідараў — таму што яны існуюць у вельмі цяжкіх умовах. Нават калі яны выкажуцца, гэта не прывядзе да змены палітыкі ўладаў. Ніхто не пакаецца. Проста пачнуцца яшчэ большыя рэпрэсіі. Пацерпяць святары, вернікі, розныя сацыяльныя праекты.

Таму зараз выбіраюць меншае зло: дзесьці саступіць, прамаўчаць, паўдзельнічаць добраахвотна-прымусовым парадкам у нейкіх мерапрыемствах. Нават паступіўшыся тым, што размываюцца разуменні праўды і няпраўды, дабра і зла.

Але ж ступень уключанасці ў гэтае поле можа быць рознай, дадае экспертка — ад вымушанай да цалкам добраахвотнай. Другі прыклад беларусы рэгулярна бачаць у дзейнасці Свята-Елісавецінскага манастыра, які падтрымлівае расейскае ўварванне ва Украіну не толькі грашовымі зборамі і малітвамі — сама меней два супрацоўнікі манастыра непасрэдна адправіліся на вайну.

— Гэтыя «браты» вельмі часта — людзі ўразлівыя, у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Нярэдка тыя, хто вызваліўся з-за кратаў пасля вялікіх тэрмінаў і ў каго няма нічога ў гэтым жыцці, — зазначае экспертка. — Свята-Елісавецінскі манастыр выкарыстоўвае іх для таго, каб наймаць на працу за грошы, ніжэй за рынкавыя — даючы жытло і ежу, але забіраючы частку заробка, пакідаючы капейкі. Але ўсё адно гэта для іх прымальна, каб «перакантавацца».

Многія з іх вяртаюцца да злачыннага жыцця. І тое, што некаторыя выбіраюць пайсці на фронт — думаю, нават ідэалагічнага складніка там мала. То-бок, ідуць не для таго, каб «дапамагчы Святой Русі змагацца з навалай Захаду» і каб на Данбасе не было гей-парадаў — а за грошы і ад безвыходнасці.

А Свята-Елісавецінскі манастыр у цэлым прадстаўляе платформу, на якой ёсць рэкрутацыя: людзям раяць далучацца да расейскай арміі, як шлях магчымага вырашэння іх праблем, альбо шлях геройства.