Яраслаў Пісарэнка: «Ніхто не будзе за нас змагацца. Але ёсць і адчуванне, што мы самі можам дамагчыся ўласнага шчасця»

Як пераадолеў дэпрэсіўныя часы, пра чалавечнасць за кратамі, і што рабіць у чаканні вяртання дадому, «Салідарнасці» распавёў спартовы журналіст і блогер Яраслаў Пісарэнка.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

У кліпе Дзімы Нікановіча і Нікіты Найдзёнава «Ляціць зноў» Яраслаў выглядае быццам зорка Галівуда. За апошнія гады ён скінуў больш за 10 кіло, напампаваў біцэпсы і кінуў паліць. Дзялюся назіраннем і запытваюся ці лёгка палітычнаму ўцекачу ў вымушанай эміграцыі выглядаць як Стэтхэм.

Самым цяжкім, кажа Яраслаў, было пераязджаць з месца на месца. Ён з’ехаў з Беларусі ўлетку 2021-га, з заплечнікам і сумкай. У 2022-м з’язджаў ужо з Украіны ў Польшчу. І кожны раз пачынаў наноў. 

— Што тычыцца зоркі Галівуда, у 2023-м у мяне сталіся дэпрэсіўныя часы. Я пачынаў крыху злоўжываць алкаголем, скатваўся ўсё больш да тусовак, бараў і гэтак далей.

Аднойчы прачнуўся, паглядзеў на сябе ў люстэрка і зразумеў, што так жыць больш нельга. Бо качуся туду, куды насамрэч на хачу. Дадаў спорт, правільнае харчаванне, алкаголь звёў да мінімума. 

Я ўсё жыццё не паліў, да 25 год, а ў 2020-м пачаў. Зразумеў, што палю больш за пачку ў дзень, гэта быў такі пэўны псіхалагічны бар’ер. І вось ужо чатыры месяцы як кінуў. Раней думаў, што кіну паліць, калі вярнуся ў Беларусь. А потым зразумеў, што трэба думаць пра сябе тут і зараз. 

Больш стаў дбаць пра сябе, думаць не пра тое, што я не магу нічога змяніць, і свет такі несправядлівы (гэтыя думкі ні да чага добрага не прыводзяць), а як магу зрабіць больш шчаслівым сваё асяроддзе, сябе, сваю дзяўчыну, сяброў. Ды як больш добрага зрабіць для гледачоў нашага канала.      

— Вас з Аляксандрам Івуліным затрымалі 5 год таму. Што вы сёння згадваеце пра той час?

— Зараз такая колькасць розных падзей адбываецца ў свеце і ў жыцці, што я неяк злавіў сябе на думцы, што не паспяваю аблічбоўваць нават гэтыя моманты. Бо вялікая шчыльнасць розных з’яў. 

Пяць гадоў таму… Гэта было не тое, што ў мінулым жыцці, а нават некалькі жыццяў таму. Канешне, я добра памятаю тыя моманты, думаю аб тым, што быў ніфігова такі смелы (усміхаецца). Як і шмат хто тады. Бо зараз рэтраспектыўна глядзіш на краіну, і як там напалмам усё выпальваюць, а ў той момант падавалася, што нічога страшнага з намі не здарыцца. Хаця ўжо і самалёт з Пратасевічам пасадзілі, было ж зразумела, што пачнуцца моцныя чысткі.

Але ў галаве было: не, ніфіга, жывем далей, усё нармалёва. Была нейкая такая смеласць, нават калі затрымалі.

Зараз разумею: мне вельмі пашчасціла, што не прайшоў усю гэтую жудасную сістэму цалкам, на гады ці месяцы. Проста 15 добаў, як мы зараз разумеем, гэта нішто. 

— Здаецца, там самае страшнае гэта думка, што можаш і не выйсці. Можа ў вас ёсць нейкія парады як сабе паводзіць там, бо беларусы ж працягваюць трапляць за краты і сёння.

— Як казалі ў фільме «Спісак Шындлера», самае страшнае, што правілаў няма. Няма такога, што будзеш паводзіць сябе так, і тады гарантавана з табой усё будзе акей. На жаль, можа пашчасціць, а можа —не.

Я бачыў там розных людзей, і тых, хто быў у адчаі, плакаў, панікаваў. Маўляў, як так, чаму я тут, я ж нават нічога не зрабіў! 

А былі людзі, што проста сядзелі, абмяркоўвалі машыны ці футбол. Шмат у каго свядомасць пачынае будаваць умоўны мур, каб папросту захаваць сябе, каб не думаць пра магчымы тэрмін. І гэта вельмі добрая штука, калі ты не можаш паўплываць на сітуацыю, у якой апынуўся.  

Яраслаў згадвае, што ў 2021-м людзі ў турэмнай сістэме былі розныя.  

— Быў чувак, яго ўсе звалі Балаклава, бо ў ёй увесь час і хадзіў. То ён мог прынесці нам мыла ці туалетнай паперы. А іншаму скажаш, што ў нас тут на 20 дарослых мужчын адзін малы агрызак мыла, то пачуеш: «Нічога! Дасцё рады і так». 

Былі тыя, што здзекваліся, а некаторыя ўвогуле жылі ў нейким іншым сусвеце. Памятаю, калі ў РУУСе сядзеў, там следчы запытаў: «Паедзеш на содні ці штраф?» І тут забягае яго калега, раіць: «О, не, штраф вялікі, грошы яшчэ плаціць! Лепей на содні…»

— А чаму вы пайшлі працаваць на СТБ, і ці часта замінала чорная пазнака «журналіст БТ»?

— Я паступіў на журфак у 2012-м, працаваць на СТБ пайшоў у 2014-м. На момант Плошчы-2010 мне было 15 гадоў. Так атрымалася, што ў мяне было вельмі не палітычнае асяроддзе. Я не надта задаваў сабе нейкія пытанні.

Ужо на журфаку стаў разумець больш. На СТБ трапіў выпадкова, бо яны шукалі чалавека, а я ведаў спорт. Падавалася, што гэта добрая прыступка, а пасля змагу разагнацца і рабіць свой праект. 

Падаецца, ніколі не рабіў такога, за што мне было б сорамна. Былі крынжовыя рэчы накшталт хакейных турніраў, але людзей не падманваў. Як мог рабіў сваю працу. 

Ніколі да мяне не было стаўлення, што я бэтэшнік ці эстэбэшнік. У мяне было шмат сяброў, што працавалі на TUT.BY ды іншыя незалежныя медыя. Я мог спакойна прыйсці ў галерэю «Ў» на сустрэчу з Сашам Філіпенкам. 

Але ж жарты былі. Ёсць сябар, які, калі я працаваў на тэліку, любіў мяне прыхватваць, назваўшы мой кантакт у тэлефоне «вінцік прапаганды». 

— Вы кажаце «рабіў сваю працу, нікога не падманваў», так і сёння на БТ, думаю, шмат хто так думае. Тым больш вы спартовы журналіст, маглі і ў 2020-м працаваць ціхенька сабе далей. Што стала апошняй кропляй?

—Гвалт. Гэта чырвоная лінія, тое, што я ніяк не магу ўспрымаць. Калі моцны падымае руку на слабага. Мяне проста пачынае трэсці, калі бачу моманты такой відавочнай несправядлівасці.

Магу глядзець бокс ці сам баксаваць, гэта акей, калі два чалавека выходзяць на спарынг. Але калі ідзе жанчына, юнак, а да іх падлятае чувак з дубінкай і пачынае біць, гэта ўжо за гранню чалавечага.

Ведаеце, нават тыя вынікі выбараў, фальсіфікацыі, нават калі мяне як грамадзяніна Беларусі падманулі, для мяне гэта не было б імаверна нагодай кудысьці выходзіць. А калі пабачыў такі гвалт, то гэта адразу першая і апошняя кропка.

— Гэта пра вывучаную бездапаможнасць? Пра тое, што за дзесяцігоддзі мы нібыта прызвычаіліся да такога раскладу і фальсіфікацый? Але ж у 2010-м таксама быў гвалт, Някляеў патрапіў у бальніцу з жудаснымі траўмамі.

— Я сваё жыццё, ад самага нараджэння, пражыў пры Лукашэнку. Не шмат куды выязджаў. І пра вывучаную бездапаможнасць — гэта на 100 адсоткаў так.

Памятаю першыя мае выбары 2015-га. Я іх проста праігнараваў, нікуды не пайшоў, бо разумеў, што гэта марнаванне часу.  

Што тычыцца 2010-га і жудасныя траўмы Някляева, тады нібыта было адчуванне, што ён выходзіў супраць улады, то павінен быў разумець магчымыя наступствы. Гучыць так сабе, але ў 15 гадоў мне падавалася гэта лагічным.

У 2020-м гэта была іншая гісторыя, бо пад замес трапілі людзі, якія не абіралі для сябе такі шлях. 

Я выйшаў упершыню, калі пасадзілі Бабарыку, мяне гэта таксама абурыла. Гэта вельмі тонкі момант, бо ў 2020-м гэта закранула як ніколі дагэтуль. 

Насамрэч і ў 2020-м, і зараз мы яшчэ вучымся. Ніхто не ведае, як правільна. 

Мы нібыта такая маладая краіна, і нібыта нам так лёгка дасталася гэтая незалежнасць. Але незалежнасць ніколі не даецца лёгка. Заўсёды ёсць тыя, хто выходзіць і нешта губляе. І тыя, хто скажа: «Ну вы даяце! Сядзі лепш ціха, заробак, кватэра ды кітайская машына ж ёсць. Што яшчэ трэба?» 

Мне гэтая гісторыя дае надзею, што ўнутры Беларусі вельмі шмат файных людзей. І тое, што яны па факце працуюць на дзяржпрадпрыемствах аўтаматам не робіць іх дрэннымі. 

Таму я бачу сваю місію (можа, гэта слова і занадта) у тым, каб проста рабіць цікавы кантэнт на беларускай мове, які глядзяць дзясяткі тысяч людзей, менавіта ўнутры Беларусі. І гэта клёва, бо, мне здаецца, што гэтыя людзі падзяляюць мае каштоўнасці. Вельмі складана ў гэтыя часы верыць у людзей, але я спрабую гэта рабіць.

Яраслаў кажа, што кампрамісы ў яго працы на БТ сапраўды былі, дакладна ў калядным хакейным турніры. Але пры гэтым ён мог мантаваць выпускі Сашы Івуліна, калі той толькі пачынаў. Бо таксама былі і яго рэпартажы з Менск-Арэны. 

— Мне падавалася, што гэта нармалёва, тыпу такі баланс, бо ў мяне ёсць свабода змантаваць і такі ролік, які на YouTube паглядзяць людзі. Нібыта была дамова, што раз у год цябе могуць выцягнуць на вось гэта, але астатні час я буду рабіць тое, што захачу.

Думаю, што расці над сабой — гэта цалкам нармалёва. Бо чалавек гэта не помнік. 

Галоўнае — вера ў сябе, а не ў тое, што нехта прыйдзе і нешта зменіць. І дакладна ж нешта будзе. Бо памятаю, як мы сядзелі на Акрэсціна, дзе заўсёды гараць лямпачкі. Але ў адзін вечар яны адключыліся. Было адчуванне, што па ўсяму Акрэсціна.  Гэта было лета 2021-га, і тады была нейкая сустрэча Байдэна з Пуціным. 

Мы сядзелі тады ў камеры і разганялі, што, калі яны там вырашылі паставіць на месца Лукашэнку, то ў нас ужо дакладна ўсё акей (смяецца). Акрэсціна абясточана, і мы зараз выходзім на свабоду. То бок было адчуванне, што нехта павінен прыйсці і выратаваць, дапамагчы. 

Зараз ёсць адчуванне, што нікому мы не патрэбныя, і ніхто акрамя нас саміх не будзе за нас змагацца. Але ёсць і адчуванне, што мы таксама нешта можам насамрэч. Мы самі можам дамагчыся ўласнага шчасця.

У мінулым годзе мне было вельмі прыемна назіраць за прэзідэнцкай кампаніяй ў Польшчы. Я глядзеў тыя дэбаты як Нэтфлікс. Ты назіраеш за тым, як адбываецца сапраўдная свабода. Што погляды могуць быць маргінальнымі, але тым не менш улады павінны лічыцца з усімі. Майму беларускаму разуменню спачатку гэта было даволі складана асэнсаваць, але гэта класна. Людзі выходзяць на акцыі, мітынгі, і гэта нармалёва, людзей не круцяць, ім не пагражаюць. 

Яраслаў кажа, што яго вельмі абурыла калі памёр Мікалай Іванавіч Казека і людзям з розных дзяржустаноў забаранілі прыйсці і развітацца з чалавекам. 

— Што б падумаў просты хлопец з Воршы, які марыў пра кареру футбаліста, а стаў спартовым журналістам, калі б дазнаўся, што з ім адбывалася ў апошнія шэсць год? 

— Думаю, ён бы агулам не зразумеў, што гэта адбываецца, праз свой ўзрост. Але, думаю, ён бы ўсё адно рэспектнуў. Бо гэта такая штука, мне падаецца зразумелая ў любым узросце, калі ты не прымаеш гвалт і несправядлівасць і нешта з гэтым робіш. Негледзячы на тое, як склаўся твой лёс, і чаго кожны пазбавіўся ў выніку. 

Але ўсё роўна зараз вельмі шмат і пазітыву. На фінал чэмпіянату свету мы сабралі больш за 400 чалавек, якія прыйшлі на нас з Сашам паглядзець. Паглядзець з намі футбол, паразмаўляць. Для мяне гэта шмат чаго варта. Гэта не проста людзі прыйшлі, таму што ім, як на калядны турнір, сказалі: прыйсці абаваязкова. А таму, што яны захацелі ды ўзялі квіткі.  

Яраслаў добра ведае ўкраінскую мову,  бо з дзяцінства ездзіў да бабулі ва Украіну. То і калі з’ехаў з Беларусі, нават пасля пачатку вайны, хацеў заставацца ва Украіне. Але не атрымалася.

А разважаючы пра вынікі 2020-га, кажа, што апошнія гады беларусы, безумоўна, стрыманыя: не могуць выказаць тое, што думаюць наўпрост у твар. 

— Бо калі выкажуць, то ў турму паедуць. Таму і вымушаныя, умоўна кажучы, пад дзверы лайно класьці ды падпальваць. Партызаншчына гэтая, як і заўсёды ў беларусаў у цяжкія часы (усміхаецца).

Рабі што можаш, з тым што ёсць, як умееш, як мага лепей. Рабі нечаканае, так пераможаш. То бок трэба намагацца быць добрым чалавекам.

Нават калі здарыцца, што мы ніколі не вернемся ў Беларусь, то ў цябе папросту не будзе нагоды думаць, што ты пражыў нейкае дрэннае ці не такое жыццё. А калі вернемся, то будзе свята, канешне, будзе свята і будзе клёва!