Политика

Навумчык: «Адкіньце ілюзіі — ніякай праграмы адносна Беларусі ў Трампа няма»

Палітычны аглядальнік — пра перспектывы Беларусі на фоне сусветнай павесткі.

— З самага пачатку вайны з Іранам я пра яе не выказваўся, цяпер паспрабую зрабіць некаторыя папярэднія высновы — у тым ліку і ў дачыненьні да магчымых пэрспэктываў Беларусі. Яны, адразу скажу, далёкія ад аптымізму, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Адносна пытаньня «Хто перамог?» сказаў бы гэтак: для Ірану параза, калі яна не стопрацэнтовая — гэта перамога. Для ЗША перамога, калі яна не стопрацэнтовая — гэта параза.

І сапраўды, для Амэрыкі сытуацыя значна горшая, чым яна была да пачатку вайны, бо ніякія мэты ЗША (Ізраіль тут — асобная тэма) альбо не дасягнутыя, альбо дасягнутыя мэты супрацьлеглыя.

Казаць пра зьмену іранскага рэжыму, як гэта цяпер робіць Белы дом — гэта як калі б, замяніўшы Лукашэнку на якога-небудзь Карпянкова, сьцьвярджаць пра зьмену рэжыму ў Беларусі; падзеі 2020-га паказалі, што апошні прымяняў бы значна больш жорсткія рэпрэсіі, чым цяперашні правіцель.

Зрэшты, ёсьць і рэальны прыклад 1994 году, калі камуніста Кебіча, зь якім хай і зь цяжкасьцю, але можна было хаця б у нечым дамаўляцца, замяніла каманда «камсамольцаў» Лукашэнкі, якая разам з сілавікамі ўзяла курс на аб’яднаньне з РФ, уласнае ўзбагачэньне і рэпрэсіі, і зь якой немагчыма было дамовіцца ні аб чым.

Сёньня ў Іране рэальная ўлада ў руках «камсамольцаў-сілавікоў» — Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі, і публічнымі пакараньнямі сьмерцю (у тым ліку і вядомага спартоўца) яны ясна прадэманстравалі, што літасьці ад іх чакаць ня варта.

Мэта ліквідацыі іранскай праграмы ўзбагачэньня ўрану да ўзроўню стварэньня ядзернай зброі таксама ня выкананая. Больш за тое: выявілася, што і леташні разгром падземных сховішчаў ня даў выніку, пра які пераможна заяўляў Трамп.

Тое, што колькасьць узбагачанага ўрану невялікая, супакойваць не павінна: каб зьнішчыць ненавісны яму Ізраіль, Тэгерану не патрэбна ні 500 боегаловак, ні нават 50: дастаткова пяці (адмыслоўцы лічаць, што цяпер Іран можа зрабіць каля дзясятка бомбаў).

Зьніжэньне коштаў на нафту ў выніку падзеньня рэжыму аятолаў афіцыйна Белым домам не заяўлялася, але яно мелася на ўвазе, бо дзесяцігодзьдзямі лічылася, што яно адбудзецца ў выніку зьняцьця санкцый. Ня ведаю, ці трэба тут нешта камэнтаваць — кожны можа на свае вочы ўбачыць цэньнікі на аўтазапраўках.

А вось што варта адзначыць — дык гэта надзвычай эфэктыўныя дзеяньні Кіева, якія дакладнымі ўдарамі па расейскай сыстэме транспарціровак істотна зьменшылі прэфэрэнцыі Масква, якія тая ад сусьветнага паліўнага крызісу.

Дакладней, пачатку крызісу — шмат якія экспэрты лічаць, што наперадзе яшчэ больш цяжкія для сусьветнай эканомікі часы.

З моманту «другога прышэсьця» Трампа ягоная міжнародная палітыка некаторымі аналітыкамі расцэньваліся як рэалізацыя праграмы аслабленьня Кітаю, і гэта лічылася і па сёньня лічыцца асноўнай стратэгічнай мэтай Вашынгтону, у межах якой часта разглядаюцца і жэсты ў бок Пуціна (з мэтай адарваць Маскву ад Пэкіну).

Аднак калі і ёсьць пераможца ў цяперашнім яшчэ не завершаным сюжэце, дык Кітай. І нават не за кошт спрыяньня перамовам, а як праваднік стратэгіі, якая абсалютна адсутнічае ў Вашынгтона і запатрабаваная ў міжнароднай палітыцы чым далей, тым болей. Я маю на ўвазе стабільнасьць.

Нельга абыйсьці і падзеньне міжнароднага аўтарытэту ЗША як сусьветнага лідэра. «Трамп даў задні ход» — асноўны лейтматыў сёньняшніх камэнтароў. і даў ён яго пасьля гістэрычных, па-за межамі прыстойнасьці заяваў, зь Белага дому на памяці цяперашніх пакаленьняў нечувальных.

Нарэшце, ЗША ня здолелі абараніць сваіх саюзьнікаў у рэгіёне канфлікту.

На фоне гэтых глябальных аспэктаў можа згубіцца дэталь, якая, на мой погляд, можа мець непасрэднае дачыненьне да Беларусі, хаця, на першы погляд, падаецца ад гэтага вельмі далёкай. Я маю на ўвазе «сюрпрыз», пра які пасьля пачатку вайны сказаў Трамп — абстрэл Тэгеранам інфраструктуры краінаў-суседак і блякаду Армузскага праліву.

Выбар з двух варыянтаў: альбо амэрыканская выведка не пралічыла верагоднасьць дзеяньняў Тэгерану ў адказ, альбо Белы дом іх праігнараваў. У першае верыцца зь цяжкасьцю, хаця выключаць гэтага нельга — не лічыла ж ЦРУ яшчэ ў пачатку 91-га распад СССР найбольш верагодным сцэнаром.

Другое — больш рэальна, калі ўлічыць стыль прыняцьця рашэньняў цяперашняй адміністрацыяй, у якім вызначальную ролю адыгрываюць асабістыя жаданьні Трампа, непрагназуемыя, падобна, ня толькі для ягонага атачэньня, але і для яго самога. Звычайна гэта завецца — капрыз.

Прыхільнікі Трампа зь ліку апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі казалі, што ў цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі ёсьць плян адносна Беларусі, што ня трэба рабіць скарасьпелых высноваў і трэба пачакаць. У якасьці пацьверджаньня прыводзіліся сапраўды эфэктыўныя і дзеяньні Белага дому ў справе вызваленьня палітычных зьняволеных.

Аргумэнт, здавалася б, бясспрэчны. Але мне прыгадваецца лета 1996-га, калі лідэры БНФ Вячаслаў Сіўчык і Юрась Хадыка трымалі на Валадарцы бестэрміновую палітычную галадоўку і апынуліся на мяжы жыцьця і сьмерці. За краты яны былі кінутыя на піку масавых пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй.

Тады Ельцын пазваніў Лукашэнку (як распавядаў мне Яўлінскі, ён якраз і папрасіў гаспадара Крамля ўмяшацца і быў пры размове, Барыс Мікалаевіч казаў: «Аляксандар Рыгоравіч, выявіце міласэрнасьць! Што там у вас ім сьвеціць, расстрэл? Ну, дайце 15 гадоў. 15 гадоў? Ну дык дайце 8! А ўвогуле — вызваліце!»).

Двух першых беларускіх палітвязьняў Ельцын, адназначна, уратаваў. Але ў тыя ж самыя дні ён рэалізоўваў праграму інтэграцыі, супраць якой і выступілі Сіўчык і Хадыка, і якая на дзесяцігодзьдзі зацягнулася пятлёй на шыі беларускага народа.

Дзеяньні Белага дому адносна беларускіх палітвязьняў, бясспрэчна, вартыя ўдзячнасьці. Але яны, на мой погляд, не зьяўляюцца часткай нейкай праграмы дэмакратызацыі.

Пра цэласную канцэпцыю адносінаў да Беларусі нельга было казаць і пры папярэдніх адміністрацыях (незалежна ад таго, рэспубліканец ці дэмакрат быў у Белым доме), але тады хаця б дэкляравалася прыхільнасьць дэмакратычным нормам (тут заўважу, што мне дзіўна чуць пра «не зьвяртайце ўвагі на словы Трампа, глядзіце на дзеяньні» — палітыка якраз са словаў ды дэклярацый складаецца ня ў меншай ступені, чым зь дзеяньняў, бо самі гэтыя дзеяньні і вынікаюць за словаў. А калі не вынікаюць — гэта завецца падманам).

ЗША няспынна зьвярталі ўвагу на парушэньні правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі, гэта было вялікай падтрымкай і актывістам апазыцыі, і праваабаронцам — цяпер жа, за больш чым год, мы не пачулі пра правы чалавека з Белага дому ні слова.

Адкіньце ілюзіі — ніякай праграмы адносна Беларусі ў Трампа няма. Яе і ня можа быць, калі паглядзець больш шырэй на цяперашнюю міжнародную палітыку ЗША, схалястычную і эклектычную, абсалютна непрагназуемую. Тыя, хто спадзяваўся на новую амэрыканскую адміністрацыю, памыліліся.

Брусэль жа праграму мае, і ўмяшчаецца яна ў два словы — жалезная заслона.

Калі год таму верагоднасьць ядзернага Апакаліпсісу разглядалася пераважна гіпатэтычна, дык сёньня яна робіцца ўсё больш верагоднай. У бездань хаосу і нестабільнасьці апускаюцца ўсе краіны, незалежна ад формы дзяржаўнага ўладкаваньня і палітычнага ладу.

Але ў Беларусі — адзінай на плянэце краіне! — зьнішчэньне падмуркаў дзяржаўнасьці (нацыянальнай ідэнтычнасьці, мовы, культуры) вось ужо больш як тры дзесяцігодзьдзі застаецца адной з асноўных мэтаў улады і рэалізоўваецца чым далей, тым болей апантана.

Ва ўмовах усясьветнага хаосу адсутнасьць разуменьня нацыянальных інтарэсаў (разуменьня, у той ці іншай ступені ўласьцівага ўсім без выключэньня кіраўнікам дзяржаў, і дэмакратам, і дыктатарам, усім, акрамя Лукашэнкі) можа каштаваць зьнікненьня Беларусі з палітычнай мапы сьвету.

І гэта будзе сапраўдная (і ўжо канчатковая) плата за 1994-ты, калі быў аброчны той, хто адкрыта дэкляраваў ліквідацыю Беларусі як незалежнай дзяржавы, і за 1995-ты, калі былі растаптаныя сымбалі нацыі, яе мова і яе гонар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(9)