«Учора стала небяспечным выказвацца пра сілавікоў, сёння — пра чыноўнікаў, заўтра забароняць крытыкаваць дворнікаў і дарожнікаў»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў – пра прычыны закліку Наталлі Качанавай.

Старшыня «Савету Рэспублікі» Наталля Качанава лічыць, што жыхары Беларусі мусяць несці адказнасць за публічныя скаргі ў сацсетках.

«Мы зараз працуем над законам аб зваротах грамадзян. Вядома, павінна быць усё ж такі ў людзей адказнасць. Калі ты ўжо праз сацыяльныя сеткі ў публічную прастору выкідваеш нейкую праблему, то гэтая інфармацыя павінна быць абсалютна дакладнай. А часцяком, гэта абсалютна не так».

Непакой Качанавай цалкам зразумелы, – піша Цыганкоў. – У сённяшняй беларускай сітуацыі, калі любая нават каляпалітычная актыўнасць закапаная пад асфальт, калі людзей саджаюць за лайкі, альбо негатыўныя эмодзі – адзіная легальная магчымасць хоць неяк скардзіцца на жыццё застаецца праз сацыяльныя сеткі.

Віталь Цыганкоў

І беларусы, найперш апалітычныя, робяць гэта даволі актыўна – штодня распавядаючы пра сапсаваныя тавары ў крамах, пра кепскія дарогі і абыякавасць чыноўнікаў.

Усё гэта выклікае раздражненне ўладаў, якія пачалі задумвацца, як з гэтым можна калі не пакончыць, то хаця б кантраляваць.

«Калі пачынаюць разбірацца больш глыбока і дэталёва ў тым, пра што заяўляюць нашы грамадзяне, выкідваючы інфармацыю ў TikTok або ў нейкі іншы інфармацыйны канал, то часта гэта абсалютна недакладная інфармацыя. І тут мне бачыцца, што ўсё ж такі павінна быць нейкая адказнасць за тое, што ты даносіш і пускаеш у публічную прастору. Ну а як па-іншаму?», – заяўляе Качанава.

І адразу, аднак, удакладняе, што такія пытанні трэба вырашаць «узважана».

Настрой уладаў відавочны. Як і ў выпадку з Юцюбам, ім бы, можа, і хацелася, пазачыняць усе гэтыя дэструктыўныя платформы і сацыяльныя сеткі – але разам з тым яны разумеюць, колькі шкоды гэта можа прынесці, колькі абурэння выкліча ў грамадстве (сёння няхай сабе і не публічнага, якое аднак будзе назапашвацца, каб выплеснууцца ў пэўны час).

Тое ж самае з ТікТокам. Але ідэя яго адмяніць у Беларусі сама па сабе можа быць аб’яўлена экстрэмісцкай) Бо гэта кітайская платформа, і старэйшаму кітайскаму брату такое яўна не спадабаецца.

Застаецца толькі запалохваць тых беларусаў, якія занадта актыўна скардзяцца ў ТікTок на «асобныя недахопы», што здараюцца пасярод радаснага і вясёлага жыцця.

Як паведаміла Качанава, рыхтуюцца змены ў закон аб зваротах грамадзянаў – відавочна, там знойдуць фармулёўкі, каб любую наймалейшую «бяздоказную» крытыку аб'явіць незаконнай.

Пакуль жа ролю ўніверсальнага цэнзара эфектыўна выконвае ГУБАЗІК, які заўсёды гатовы ўварвацца да любога чалавека, які неабачліва выказаў крытыку, не зразумеўшы, што перайшоў чарговую «чырвоную лінію», якую толькі што пасунулі ўлады.

Бо ўжо ўчора стала небяспечным выказвацца пра сілавікоў, ужо сёння нельга крытыкаваць чыноўнікаў, заўтра забароняць крытыкаваць прадаўцоў, дворнікаў і дарожнікаў.

Памятаем, як губазікаўцы прымушалі выбачацца тых беларусаў, якія пасмелі негатыўна выказацца наконт перспектывы прыезду ў краіну ста тысяч пакістанцаў.

Ці апошні прыклад, калі сілавікі прыйшлі ў офіс архітэктурнай кампаніі і затрымалі ўсіх – як высвятляецца, толькі за тое, што кіраўнік кампаніі выказаў іронію з той нагоды, што дзяржаўныя органы патрабавалі ад іх прыняць у штат ідэолага.

Сітуацыя, якая апісваецца беларускай прыказкай – б’юць і плакаць не даюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(3)