Политика

Карбалевіч: «Існаваньне «ценявых» структур надаюць апазыцыі ў замежжы пэўную легітымнасьць, што дэлегітымізуе Лукашэнку»

Аляксандр Лукашэнка, ягонае атачэньне, значная частка грамадзтва, шэраг замежных суб’ектаў успрымаюць дзейнасьць дэмакратычных сілаў у замежжы як палітычную альтэрнатыву. Існаваньне Каардынацыйнай рады, іншых «ценявых» структур надае апазыцыі пэўную легітымнасьць, няхай і сымбалічную, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

Праблемы з выбарамі ў КР

Яшчэ да пачатку другіх выбараў у Каардынацыйную раду (КР) вакол гэтай кампаніі пачаліся вострыя спрэчкі.

Дыскусіі пра тое, навошта патрэбная гэтая інстытуцыя дэмакратычных сілаў, паўстала з новай сілай. За два гады пасьля першых выбараў адбыліся важныя перамены.

Скандал зь зьнікненьнем былой сьпікеркі КР Анжалікі Мельнікавай нанёс удар па рэпутацыі гэтай структуры.

На волю з турмаў выйшлі вядомыя апазыцыйныя палітыкі–удзельнікі рэвалюцыйных падзеяў 2020 году. Яны так ці інакш уключыліся ў грамадзка-палітычную дзейнасьць. І, здавалася, іх зьяўленьне павінна было б дадаць усім працэсам (уключна з выбарамі ў КР) дадатковы імпульс, дададзеную вартасьць. Але атрымалася наадварот.

Знакавыя постаці апазыцыі (Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Павал Севярынец і інш.) адмовіліся ад удзелу ў выбарчай кампаніі новага складу КР. Больш за тое, шэраг вядомых асобаў дзейнай рады таксама не ўдзельнічаюць у выбарах. Усё гэта зьменшыла ўвагу і цікавасьць да бягучай кампаніі.

Напярэдадні дня галасаваньня выданьне «Наша ніва» паставіла пад сумнеў надзейнасьць падрадчыка Sumsub, адказнага за ідэнтыфікацыю выбаршчыкаў. Падазрэньні не пацьвердзіліся, але гэтая сытуацыя не падвысіла давер да выбарчай кампаніі.

Узмацненьне рэпрэсій

У такой сытуацыі можна было чакаць, што ўлады Беларусі неяк супакояцца, бо адчуваньне пагрозы з боку КР зьменшылася. Да таго ж спыненьня палітычных рэпрэсій патрабуюць ЗША. Пра што казаў у адным з інтэрвію спэцпрадстаўнік амэрыканскага прэзыдэнта Джон Коўл.

Аднак не. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў зацятую барацьбу з выбарчай кампаніяй у КР насуперак сьцьверджаньням прапаганды, што гэтая структура «ні на што не ўплывае».

23 красавіка 2026 года стала вядома, што КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» выбарчыя сьпісы кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду. У сувязі з гэтым прызнаньнем, у пачатку мая 2026 года пачаліся масавыя ператрусы ў сваякоў кандыдатаў, якія балятуюцца ў КР. Увечары 11 траўня напярэдадні галасаваньня адбыліся магутныя DDoS-атакі на сэрвісы КР. Праз гэта арганізатары мусілі перанесьці пачатак онлайн-галасаваньня.

Старонка для галасаваньня на онлайн-выбарах у Каардынацыйную раду. Скрыншот 12 траўня 2026 году

Мала хто сумняецца, што за гэтымі атакамі стаяць беларускія спэцслужбы. І такімі дзеяньнямі ўлады надаюць КР, як і апазыцыі ўвогуле, дадатковую палітычную вагу.

Палітычная альтэрнатыва

У чым прычына такой зацятай барацьбы з палітычнай міграцыяй увогуле і з КР у прыватнасьці? Існуе некалькі прычын.

Найперш, дзейнічае сіла інэрцыі рэпрэсіўнай машыны. Дзеля барацьбы з палітычнай эміграцыяй створаная адпаведная інфраструктура. Улады прынялі шэраг заканадаўчых актаў, якія абмяжоўваюць у правах неляяльных беларусаў у замежжы. Па актыўнасьці спэцслужбаў можна меркаваць, што яны атрымалі пэўныя рэсурсы дзеля барацьбы з апанэнтамі ў дыяспары.

Сам Аляксандр Лукашэнка, ягонае атачэньне, значная частка грамадзтва, шэраг замежных суб’ектаў успрымаюць дзейнасьць апазыцыі ў замежжы як палітычную альтэрнатыву. Каардынацыйная рада, якую нярэдка называюць альтэрнатыўным парлямэнтам у выгнаньні, разам з Сьвятланай Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінэтам прэтэндуюць на ўладу ў Беларусі, няхай і сымбалічна.

Але гісторыя мае шмат прыкладаў, калі сымбалічныя інстытуты ў пэўных умовах станавіліся рэальнымі.

Існаваньне гэтых «ценявых» структур надаюць апазыцыі ў замежжы пэўную легітымнасьць. І гэты факт у значнай ступені аб’ектыўна дэлегітымізуе Лукашэнку і ягоны рэжым. Гэта асабліва важна на тле сумнеўнай легітымнасьці існай улады. Эўразьвяз не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам, не дасылае ў Менск амбасадараў, ня хоча мець зь ім справу.

Таму Лукашэнка ўспрымае гэтыя інстытуцыі як рэальных праціўнікаў. Сьведчаньнем гэтаму ёсьць і шматлікія згадкі Лукашэнкам «зьбеглых» у публічных выступах.

Дыяспара як палітычны чыньнік

Варта зазначыць, што толькі пасьля 2020 году беларуская дыяспара стала палітычным фактарам. Да гэтага часу беларусаў у замежжы было параўнальна няшмат, яны былі раз’яднаныя, амаль ня ладзілі палітычных акцый. Існаваньне сымбалічнай Рады БНР мала хвалявала афіцыйны Менск.

Нарэшце апазыцыя ў выгнаньні прэзэнтуе альтэрнатыўны праект Беларусі, яе будучыні. З улікам таго, што рэжым фактычна не прапануе ніякіх уцямных наратываў будучыні, абяцае толькі захаваць тое, што ёсьць, праграма апанэнтаў Лукашэнкі выглядае пэрспэктыўнай.

Да таго ж выбарчая кампанія ў КР нагадвае сапраўдную палітычную барацьбу з праграмамі, дэбатамі, сапраўднай канкурэнцыяй. Чаго даўно няма ў самой Беларусі.

Акрамя ўсяго іншага, у гэтай кампаніі ўладаў ёсьць яшчэ адзін адрасат. Гэта тыя людзі, якія жывуць у Беларусі, але плянуюць удзельнічаць у выбарах КР. Іх хочуць запужаць, каб нават ня думалі гэтым займацца. Маўляў, усіх вылічым, знойдзем і пасадзім.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(3)