Карбалевіч: «У сюжэце з «камплімэнтам» ад Лукашэнкі прэзыдэнту М’янмы цікавае нават не прыніжальнае для азіяцкага палітыка параўнаньне»
Як Беларусь шукае партнэраў сярод краін-ізгояў. Аналізуе на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
Арыентацыя замежнай палітыкі Беларусі на краіны-ізгоі адбылася не ад добрага жыцьця. Паварот у бок Глябальнага Поўдня стаў вынікам жорсткага канфлікту афіцыйнага Менску з Захадам.
Аднак досьвед апошніх гадоў не пацьвярджае эканамічнай эфэктыўнасьці такога сяброўства.
Сяброўства з ізгоямі
Так супала, што амаль адначасова здарылася некалькі вельмі паказальных падзей, якія засьведчылі пра тыя кірункі, на якія цяпер арыентаваная замежная палітыка Беларусі.
У Менск з афіцыйным візытаў прыехаў кіраўнік М’янмы Мін Аўнг Глайнг. У гэтыя ж дні ў Беларусі знаходзіцца ўрадавая дэлегацыя Аўганістану на чале зь міністрам сельскай гаспадаркі і ірыгацыі.
А міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў гэтымі днямі праводзіў адпачынак у Паўночнай Карэі. Пра гэта паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал беларускага МЗС. Паводле яго, Рыжанкоў паехаў у КНДР разам з сям’ёй і знаходзіцца там у гасьцях у «сяброў», там «сьвежае паветра, ідэі чучхе і размовы пра вечнае». Праўда, каб сустрэць кіраўніка вайсковай хунты М’янмы ў Менску, ён пасьпеў вярнуцца.
Што аб’ядноўвае М’янму, Аўганістан і КНДР? Гэта краіны-ізгоі, самыя адыёзныя, ізаляваныя, бедныя ў сьвеце, усе яны знаходзяцца пад жорсткімі міжнароднымі санкцыямі.
Арыентацыя замежнай палітыкі Беларусі на краіны-ізгоі адбылася не ад добрага жыцьця. Паварот у бок Глябальнага Поўдня стаў вынікам жорсткага канфлікту афіцыйнага Менску з Захадам.
Прычым, гэтая пераарыентацыя атрымала масіраванае прапагандысцкае абгрунтаваньне. Маўляў, Захад загнівае, ён страціў сваю дамінуючую ролю ў сьвеце, цярпіць паразу ад краін Поўдня, таму «сонца ўстае на ўсходзе». Гэтыя пастулаты амаль штодня шмат гадоў паўтарае беларуская дзяржаўная прапаганда.
Канфуз з камплімэнтам
І вось тут здарыўся канфуз. 20 жніўня Аляксандар Лукашэнка, прымаючы прэзыдэнта М’янмы Мін Аўнг Глайнга заявіў:
«У вас такая вопратка. У мяне такой няма. Абсалютна эўрапейскі чалавек, а не азіяцкі».
Рэпліка фэнамэнальная. Яе хіба можна параўнаць з эпізодам, які здарыўся ў 1999 годзе, калі Лукашэнка павітаў прэмʼера Кітая Лі Пэна словамі: «Вы хоць і ўсходні чалавек, але разважаеце, як сапраўдны эўрапейскі палітык». (Белорусская деловая газета, 1999, 26 лютага).
Такія сытуацыі ўзьнікаюць, калі Лукашэнка шчыра хоча зрабіць камплімэнт палітыку, партнэру па перамовах, але часам атрымліваецца нязграбна, сама меней, двухсэнсоўна, а часам і проста абразьліва. Калі казаць пра выпадак з Лі Пэнам, то, як вядома, згодна з кітайскай традыцыяй, іх краіна лічыцца цэнтрам сьвету, Паднябеснай. Тым больш, што КНР цяпер імкнецца ў сусьветныя лідэры. Таму падобная заява выглядала для кіраўніка ўрада Кітая ці ледзь не блюзьнерствам.
У сюжэце з «камплімэнтам» прэзыдэнту М’янмы цікавае нават не прыніжальнае для азіяцкага палітыка параўнаньне, у якім бачыцца цывілізацыйная перавага Эўропы над Азіяй. Тут мы фіксуем ўяўленьне, якое вырвалася з падсьвядомасьці Лукашэнкі, што эўрапейскае па статусу вышэйшае, чым азіяцкае, больш якаснае, прагрэсіўнае.
Гэтае прызнаньне разьбівае ўсе прапагандысцкія наратывы пра загніваючы Захад. І паказвае, што паварот афіцыйнага Менску ў бок Глябальнага Поўдня быў вымушаны, ён адбыўся не ад добрага жыцьця. Бо Эўропа не прымае існы рэжым Беларусі.
Піяр і спроба манэтызацыі сяброўства
Такім чынам, пераарыентацыя замежнай палітыкі афіцыйнага Менску на ўсход і поўдзень закліканы вырашыць некалькі задач. Найперш, гэта такі танны піяр. Кіраўніцтва Беларусі імкнецца даказаць, што няма міжнароднай ізаляцыі краіны, у сьвеце шмат дзяржаў, якія хочуць сябраваць, а Лукашэнка — паважаны палітык.
Таксама відавочная спроба атрымаць эканамічныя дывідэнды. Паколькі гэтыя краіны (М’янма, Аўганістан і КНДР) ізаляваныя, жадаючых супрацоўнічаць зь імі няшмат. Таму, маўляў, вось мы прыйдзем на свабоднае месца, на цаліну, і можам нешта злавіць.
Аднак досьвед апошніх гадоў не пацьвярджае эканамічнай эфэктыўнасьці такога сяброўства.
У чым падобныя рэжымы
Тым ня менш мы бачым, што інтэнсіўнасьць сустрэчаў паміж Лукашэнкам і Мін Аунг Глайнгам вельмі вялікая. Летась яны сустракаліся шэсьць разоў. Прычым, кіраўнік М’янмы наведваў Менск двойчы. Лукашэнка зладзіў візыт у гэтую краіну ў лістападзе 2025 году, сёлета ён быў там у ліпені. Не прайшло і двух месяцаў, як прэзыдэнт М’янмы зноў прыляцеў у Менск. Так часта Аляксандр Лукашэнка сустракаецца хіба толькі з Уладзімірам Пуціным.
Што зьвязвае дзьве краіны ці два рэжымы? Падчас перамоваў шмат апавядалі пра выбітныя пэрспэктывы двухбаковага супрацоўніцтва. Аднак калі паглядзець на афіцыйную статыстыку, то яна ня ўражвае. Так таваразварот Беларусі і Мʼянмы за 2025 год склаў $15,9 млн, а за першае паўгодзьдзе сёлета ён падвоіўся.
Галоўным кампанэнтам двухбаковага супрацоўніцтва зьяўляецца вайскова-тэхнічная супраца. Яна каардынуецца праз сумесную камісію, у рамках якой абмяркоўваюцца пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгій і навучаньня.
Гэтая сфэра супрацоўніцтва пакрытая таямніцай. Лукашэнка падчас цяперашніх перамоваў у Менску заявіў:
«Фармат нефармальнай абстаноўкі яшчэ важны тым, што закранаюцца пытаньні, якія не агучыш і публічна не абгаворыш.
Слабое месца ў адносінах
У Мʼянмы няма грошай, каб аплочваць пастаўкі беларускай прадукцыі. І, каб зьдзелкі адбыліся, Менск вымушаны даваць крэдыты партнэру, каб той мог плаціць за імпарт зь Беларусі. Паводле ўмоваў крэдытнага пагадненьня, мʼянмскі бок павінен будзе пагасіць крэдыты ня больш як за 5 гадоў.
Увогуле палітычныя рэжымы Беларусі і М’янмы шмат у чым падобныя. У 2021 годзе ў М’янме адбыўся дзяржаўны пераварот, быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад. Масавыя пратэсты былі жорстка задушаныя, забіта каля 1600 чалавек. За кратамі апынуліся тысячы палітзьняволеных, сярод іх — 240 дзяцей. Адносна арыштаваных прымяняліся катаваньні. Усё гэта добра знаёма беларусам.
Як і ў Беларусі, з М’янмы адбываецца масавы сыход грамадзян. 3,5 мільёна жыхароў вымушаныя былі зьехаць са сваёй краіны.
Таксама, як і Беларусь, М’янма знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі. Лукашэнка стаў другім палітыкам, які наведаў М’янму пасьля перавароту. У 2021 годзе ў гэтую краіну прыяжджаў тагачасны прэм’ер Камбоджы Хун Сэн. Сяброўства з м’янмскім рэжымам моцна б’е па рэпутацыі палітыкаў. На збліжэньне з ім ідуць толькі тыя кіраўнікі, якім ужо няма чаго траціць.
Аўганістан і КНДР — новыя партнэры?
Нешта падобнае адбываецца і ў эканамічным супрацоўніцтве з Аўганістанам. Беларусь зацікаўлена пастаўляць у гэтую краіну сельгастэхніку, харчы. Але Аўганістан — дзяржава вельмі бедная, ёй няма чым плаціць за пастаўкі беларускай прадукцыі.
Цікава тое, што беларускія дзяржаўныя мэдыі фактычна не паведамляюць пра прыезд дэлегацыі Аўганістану, перамовы ў Менску. І наадварот, аўганскія мэдыі актыўна асьвятляюць цяперашні візыт. Магчыма, улады Беларусі не хочуць сьвяціць гэтыя кантакты па той прычыне, што ў Аўганістане кіруе ісламісцкі рух «Талібан», які ў шмат якіх краінах афіцыйна аб’яўлены тэрарыстычнай арганізацыяй.
Сяброўства Беларусі з КНДР дасягнула такой стадыі, што кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў паляцеў у Паўночную Карэю на адпачынак.
Ня вельмі зразумела, якія дывідэнды ад супрацоўніцтва з гэтай краінай імкнецца атрымаць афіцыйны Менск. У КНДР пануе самы жорсткі дыктатарскі рэжым у сьвеце. Гэтая краіна зьяўляецца абсалютным рэкардсмэнам па колькасьці ўведзеных супраць яе санкцый. Прычым, шмат якія абмежаваньні ўведзены рашэньнем Рады бясьпекі ААН, гэта значыць іх падтрымалі такія пастаянныя чальцы гэтага органа як Расея і Кітай.
Гандлёвыя адносіны паміж краінамі амаль на нулі. Паводле вельмі сьціплай, фрагмэнтарнай статыстыкі гадавы гандаль складае прыкладна $0,5–1 млн. у год. То бок ідзецца пра выпадковыя пастаўкі нейкага тавару (напрыклад, партыі мяса ў 2025 годзе). Адмоўна ўплываюць на эканамічнае супрацоўніцтва санкцыі, складаная лягістыка. Нельга выключаць зьяўленьня ў Беларусі карэйскіх рабочых. Экспарт працоўнай сілы — гэта той рэдкі «тавар», які можа пастаўляць КНДР.
Магчыма Беларусь паспрабуе ўплішчыцца, уклініцца ў супрацу ВПК Расеі і Паўночнай Карэі. Але гэтая сфэра моцна закрытая.
Хіба што супрацоўніцтва Беларусі з гэтымі адыёзнымі ізгоямі зьяўляецца толькі добрай пажывай для прапагандысцкіх рэсурсаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное