Общество

Гісторык: «Я б з той страшнай вайны не рабіў святаў наогул»

Гісторык і пісьменнік Сяргей Абламейка на Радыё Свабода разважае пра важнасць і сімвалічнасць 3 ліпеня для беларусаў.

— Магчыма, для некага гэта можа здацца нечакана, але сапраўды я ў гэты дзень думаю пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Як аказалася, і праз 82 гады, Расея ваюе гэтаксама, як і тады.

Сяргей Абламейка

Такая самая ваенная цэнзура і такі самы прапагандысцка-ідэалягічны апарат. Сьцьвярджаецца, што ўсё разбурыў вораг, ва ўсім вінаваты вораг, а мы вот такія белыя і пухнатыя, як кажуць, мы ахвяры і мы героі.

І ўпэўнены, што калі рэжым у Расеі захаваецца і пасьля Пуціна такі самы як ён ёсьць цяпер, то гадоў праз 30 у школьных падручніках па гісторыі будзе сьцьвярджацца, што Марыюпаль разбурылі ўкраінцы, тэатар з сотнямі людзей зьнішчылі ўкраінцы, дзесяткі тысяч мірнага насельніцтва ў Марыюпалі забілі ўкраінцы і што ў Бучы была пастаноўка, імітацыя разьні.

Прапагандай займаюцца абодва бакі, але звычайна гісторыю пішуць пераможцы, і вось гісторыю Другой сусьветнай вайны напісалі пераможцы, і мы ў значнай ступені застаёмся ў палоне вось гэтых прапагандысцкіх часта высноваў савецкіх гісторыкаў.

І прапаганда маніпулявала лічбамі, прыдумляла лічбы. Напрыклад, сьцьвярджалі, што 80% Менску разбурылі немцы. Займаліся фальсіфікацыяй. Я ў архівах знайшоў акты дзяржаўнай камісіі надзвычайнай, якая займалася ўсталяваньнем злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іх памагатых і прычыненай імі шкоды.

І вось простыя людзі, якія фіксавалі разбурэньні ў гарадах Беларусі, пісалі даты: чэрвень 1944 году. А пасьля нехта перапраўляў на чэрвень 1941 году. І дзясяткі і сотні такіх пратаколаў ляжаць сёньня ў архівах, у архіве Менскай вобласьці.

3 ліпеня можна назваць вызваленьнем. Па-першае, гэта чыста фармальная юрыдычная сытуацыя. СССР вызваліў сталіцу адной са сваіх рэспублік. Юрыдычна гэта была міжнародна прызнаная тэрыторыя Савецкага Саюзу. Ён яе вызваліў.

Людзі ў Беларусі тады былі рады таму, што немцаў нарэшце прагналі. Гэта таксама праўда. Магчыма, меншая частка, хто супрацоўнічаў з немцамі, хто сышоў на захад, у іх была такая пазыцыя, але большасьць людзей былі радыя таму, што немцы пакінулі тэрыторыю Беларусі і гэты страшны кашмар скончыўся.

Іншая справа, што людзі трапілі, як цяпер пішуць гісторыкі, з агню ды ў полымя, бо пасьля вайны працягваліся сталінскія рэпрэсіі, сяляне заходняй часткі Беларусі таксама былі заняволеныя, загнаныя ў калгасы, працавалі за працадні. Але тады людзі з палёгкай сустракалі.

Гэта адна з важных датаў нашай гісторыі, той страшнай вайны. Але я б з той страшнай вайны не рабіў святаў наогул. Гэта адносіцца і да 9 траўня, і да 3 ліпеня, бо ў такія дні трэба смуткаваць, успамінаць ахвяраў той вайны, ну і ўшаноўваць іх памяць.

А вот гэтыя бясконцыя парады, вот гэтая траскатня пра перамогу, і вот асабліва страшнае тое, што ў Расеі адбываецца і ідзе да нас, у Беларусь, з Расеі, вот гэты лозунг пуцінскіх часоў «можам паўтарыць» замест лозунгу савецкіх часоў «ніколі болей». Вот гэта б я забараніў, гэта страшная сытуацыя.

У кнізе я прапаную ўспамінаць сумна дату і 24 чэрвеня 1941 году, калі пачалася трохдзённая страшная бамбардзіроўка Менску, якая прынесла гораду страшныя разбурэнні, забіла шмат менчукоў. І вот з гэтых разбурэньняў пачаліся ўсе культурныя страты беларускай сталіцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)