Кавалкін: «Беларусь ідзе ў кірунку позняга Савецкага Саюза»

Эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін — пра памылковую стратэгію ўладаў у эканоміцы.

— У Беларусі зараз адбываецца тое, што называецца рэструктурызацыяй эканомікі, — адзначыў Уладзімір Кавалкін на Еўрарадыё. — З краіны сыходзяць высокамаржынальныя галіны. Гэта галіны, напрыклад, звязаныя з IT, то-бок тыя, якія могуць цалкам працаваць на экспарт.

З іншага боку, праз тое, што Расія вядзе вайну, расце попыт на ўсялякія «жалезкі», расце індустрыяльная вытворчасць.

Гэта значыць, што Беларусь ідзе назад, яна ідзе ў кірунку позняга Савецкага Саюза і адпаведна пераструктуруе сваю эканоміку.

Такую стратэгію эканаміст лічыць цалкам памылковай.

— Таму што ўвесь беларускі індустрыяльны комплекс быў завязаны на рэсурсы Савецкага Саюза. У Беларусі няма тых карысных выкапняў, якія ёсць у Расіі і ў іншых рэспубліках. Развіваць цяжкую прамысловасць у нашай краіне не мае сэнсу, бо ты робішся вельмі моцна залежным ад Расіі, ад іншых партнёраў. Яны могуць табе выкручваць рукі.

Для такіх адносна невялікіх краін як Беларусь найлепшае, што можна рабіць, калі ў цябе няма карысных выкапняў, лічыць галоўным людзей. То-бок, трэба развіваць чалавечы патэнцыял, і тое, што робіцца мазгамі, прадаваць на экспарт.

У нас жа краіна зараз ідзе ў адваротным напрамку. Калі, напрыклад, у дзясятыя гады быў час развіцця айцішкі і нейкіх больш маржынальных сфераў, то зараз адбываецца цалкам адваротная гісторыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(52)