Вольскі: «І чаму тут зьдзіўляцца? У краіне — культ войска і сілавых структураў»

Музыка Лявон Вольскі  на Budzma.org разважае пра тое, чаму беларуская школа ўсё больш нагадвае войска.

Лявон Вольскі

Адна беларуская школа апублікавала на сваім сайце сьпіс патрабаваньняў да зьнешняга выгляду вучняў. У хлопцаў валасы ня мусяць закрываць вушы і вочы.

Фарбаваньне цалкам забараняецца. Нельга выкарыстоўваць гель і лак, якія ствараюць «занадта заўважны выгляд». Ня кажучы ўжо пра выгольваньне ўзораў на галаве. Недапушчальна!

У дзяўчатаў доўгія валасы абавязкова мусяць быць сабраныя ў хвост ці то касу. Нельга насіць занадта доўгія завушніцы і іншую буйную біжутэрыю, якая кідаецца ў вочы. Забаронены таксама макіяж і манікюр зь яскравым пакрыцьцём.

Карацей, падрыхтуйся ды сустрэнь Дзень ведаў у прыстойным, адпаведным выглядзе.

«Па просьбах трудзяшчыхся» зьменшылі колькасьць беларускай мовы

Усё разгортвалася паступова. Спачатку зьменшылі колькасьць гадзінаў беларускай мовы, натуральна, «па просьбах трудзяшчыхся», маўляў, мовы падобныя, дзеці блытаюцца і ўрэшце ніводнае мовы нармальна ня ведаюць (трэба прызнаць, што частка бацькоў з энтузыязмам падхапіла гэтае абсурдовае сьцьвярджэньне, маўляў, сапраўды, так дзецям будзе лягчэй).

Беларуская апынулася на ўзроўні чагосьці неабавязковага — было відаць, што дзяржава робіць стромкі разварот да Расеі, усё вяртаецца на расейскія рэйкі, дык навошта абцяжарваць сябе непатрэбнымі ведамі?

Камсамол РБшнага разьліву

Потым, пасьля доўгіх і пакутлівых родаў, зьявіўся на сьвет спадкаемца камсамолу РБшнага разьліву — БРСМ. Мэта была пастаўленая — загнаць у дзяржаўную моладзевую арганізацыю ўсіх навучэнцаў, як калісьці было з камсамолам.

Чальцам абяцалі льготы, напрыклад, бясплатны праход на дыскатэку, казалі, што будзе лягчэй з атрыманьнем вышэйшае адукацыі — у БРСМаўцаў будзе прыярытэт пры паступленьні (нічога такога, безумоўна, не было).

Бацькам казалі: «Вы ж ня хочаце, каб вашая дачка (сын) была белай варонаю, вунь у клясе амаль усе ў БРСМе, толькі парачка дзяцей змагароў — не, вы што, хочаце прыпадабніцца гэтым апазыцыянэрам, БНФаўцам?!».

Бацькі апускалі долу вочы і мармыталі: «Ну, калі ўжо ўсе там, няхай і мой ўступае». Урэшце «абяцанкі-цацанкі» ня спраўдзіліся, чальцоўства зьвялося да штомесячных пабораў і магчымасьці кар’ернае лесьвіцы для асабліва дзейных актывістаў.

Школьная форма і разьмеркаваньне

Зьявіліся школьная форма і патрабаваньні да зьнешняга выгляду ў каледжах ды ліцэях. Спачатку асабліва дэмакратызаваныя бацькі былі супраць, але зь цягам часу зьмірыліся: «Мы ж насілі форму, і нічога страшнага з намі ня здарылася».

Потым незаўважна падкралася разьмеркаваньне. Зноў-ткі, гучалі абураныя галасы: «Мы што, вяртаемся ў Савецкі Саюз?! Хай студэнт сам выбірае, куды яму йсьці працаваць!».

Але час ішоў, галасы пасьціхалі, і цяпер ніхто ўжо і ўявіць ня можа вышэйшую ці то сярэднюю спэцыяльную адукацыю бяз гэтага прыгоннага разьмеркаваньня...

Дрэс-код, як у войску

Пасьля нашумелае публікацыі наконт зьнешняга выгляду вучняў у сацыяльных сетках усчаўся вэрхал — казалі пра Паўночную Карэю, пра войска і турму, абураліся...

Урэшце публікацыю з сайту прыбралі. Але гэта ня значыць, што патрабаваньні да зьнешняга выгляду зьмяніліся. І ня толькі ў асобна ўзятай баранавіцкай школе, якая апублічыла інфармацыю, у любой навучальнай установе.

Малюнак Лявона Вольскага

Адгадуй доўгія валасы, калі ты хлопчык, пафарбуйся, пракалі вуха — і ты выклічаш хвалю хэйту з боку настаўнікаў. Тое ж самае пачнецца, калі дзяўчынка зробіць каляраваньне валасоў, кідкі макіяж, пірсынг...

Хлопчыку будуць інкрымінаваць нетрадыцыйную арыентацыю, дзяўчынцы — «лёгкія паводзіны». Могуць выклікаць бацькоў і, у горшым выпадку, калі бацькі стануць на бок дзіцяці, зьвярнуцца да бязьлітасных сацыяльных службаў...

І чаму тут зьдзіўляцца? У краіне — культ войска і сілавых структураў. А ў гэтых прафэсіяў ёсьць пэўны дрэс-код. Усе ведаюць, які. А ты як патэнцыйны абаронца Айчыны павінны яму адпавядаць. І ты як будучая маці-гераіня, якая мусіць нарадзіць патэнцыйных абаронцаў Айчыны, таксама.

Пытаньні ёсьць? Няма. Тады вольна, разысьціся, усім падрыхтавацца да ўрачыстае лінейкі!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(20)