Навумчык: «Прагноз Пазьняка, што Ельцын будзе не меншым імперцам, чым кіраўнікі СССР, як вядома, спраўдзіўся»
Публіцыст Сяргей Навумчык — пра важнасць умення скарыстацца акном магчымасцяў.
— 35 гадоў таму, 5 верасьня 1991, адбылося апошняе паседжаньне З’езду народных дэпутатаў СССР, — піша Сяргей Навумчык. — У ім удзельнічала і група дэпутатаў ВС тады яшчэ БССР, у тым ліку дэпутаты Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі, Алег Трусаў.
Прагноз Пазьняка перад галасаваньнем за Незалежнасьць 25 жніўня 1991-га, што Ельцын будзе ня меншым імперцам, чым кіраўнікі СССР, як вядома, спраўдзіўся ўжо на наступны дзень — Ельцын заявіў пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да рэспублік.
А праз тыдзень, 3 верасьня, сказаў у сваім выступе на З’езьдзе народных дэпутатаў СССР: «...Переворот сорвал подписание союзного договора, но не смог уничтожить стремление республик построить новый союз — свободное содружество суверенных государств с единым экономическим пространством, едиными вооруженными силами».
Па вяртаньні з Масквы дэпутаты Апазыцыі БНФ правялі прэсавую канфэрэнцыю. З расповяду Пазьняка:
«... З’езд фактычна праходзіў пад дыктоўку расейскага прэзыдэнта Барыса Мікалаевіча Ельцына, са шматлікімі парушэньнямі рэглямэнту, пры рашэньні большасьці пытаньняў дамінавала пазыцыя Расеі...
Галіна Старавойтава таксама пацьвердзіла нам, што сапраўдныя дэмакраты апынуліся ў меншасьці, многіх захаланулі імпэрскія амбіцыі. Гэта значыць, навідавоку пэўная тэндэнцыя, і яе трэба ўлічваць, інакш яна, сапраўды, можа ўвасобіцца ў канкрэтныя справы.
Між тым Беларусь, абвясьціўшы аб незалежнасьці, у дастатковай ступені да яе не падрыхтаваная. Нам тэрмінова трэба прыняцьцё тых законаў, пра якія ўжо неаднаразова казала Апазыцыя — аб грамадзянстве, аб зямлі і ўласнасьці, аб нацыянальнай гвардыі, аб межах і мытні і іншых. Трэба неадкладна прыняць захады па абароне маёмасьці рэспублікі, інакш усё будзе проста расьцягнута».
Вось чаму мы ізноў, як у дні путчу, запатрабавалі не зацягваць з скліканьнем сэсіі ВС. Яна распачалася праз 10 дзён, і на ёй Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і герб «Пагоня» атрымалі статус дзяржаўных сымбаляў.
Шмат істотных рашэньняў прынялі ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва (хаця і ня ўсе з тых, якія мы запрапанавалі). На жаль, не хапіла 31 голасу, каб вярнуць сталіцы гістарычны назоў — Менск.
Не пагадзіўся Вярхоўны Савет і на новыя выбары (а яны ў той момант, з улікам грамадзкіх настрояў, істотна зьмянілі б расклад у парлямэнце).
Але калі б зацягнулі з сэсіяй — не ўдалося б прыняць і тое, на чым потым пачалі будаваць дзяржаву.
Читайте еще
Избранное