Чаму сістэму абавяковай адпрацоўкі выпускнiкоў трэба рэфармаваць

«Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў», «Маладая Грамада», «Моладзевы Блок», «Ліхтар» разам з моладзевым саветам «РАДА» i Беларускiм кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў апублiкавалi аб’ёмнае даследаванне для Камітэта экспертаў па прымяненні канвенцый і рэкамендацый Мiжнароднай арганiзацыi працы (МАП).

Даклад называецца «Аналіз сістэмы абавязковага размеркавання ў Беларусі і перспектывы яе рэфармавання». «Салiдарнасць» ужо пiсала пра асноўныя праблемы, якiя разглядаюцца ў дакуменце.

Ілюстрацыя створаная з выкарыстаннем ШІ

Аўтары даследвання канстатуюць, што сёння ў Беларусi кожны з ключавых элементаў сiстэмы размеркавання выпускнiкоў супярэчыць дзвюм Канвенцыям МАП аб прымусовай працы (№29 и №105), якiя ратыфiкаваныя Беларуссю.

Гэтая сiстэма:

  • Парушае права выбару прафесіі і месца працы.
  • Выкарыстоўвае «пагрозу пакарання» — кампенсацыю як штраф за адмову.
  • Iснуе непразрысты разлік сумы, невядомай да моманту адмовы.
  • Выбар месца працы iлюзорны — рашэнне прымае камісія.
  • Размеркаванне носiць пастаянны, а не часовы характар — не адпавядае выключэнням МАП.

У вынiку абавязковага размеркавання дзяржава стварае штучны перакос у бок і без таго непрадуктыўнага дзяржаўнага сектару: сёння больш чым 74% «размеркаваных» працуюць у дзяржаўным сектары, i менш чым 26% – у прыватным.

Такiм чынам пытанне дэфiцыту кадраў не вырашаецца, а нiзкая прадуктыўнасць захоўваецца: па дадзеных МАП, зараз Беларусь знаходзiцца на 98-м месцы ў свеце па ўзроўню прадуктыўнасцi працы.

Аўтары даследвання лiчуць, што эканамічная неэфектыўнасць такой сістэмы і вельмі абмежаваная магчымасць арганізаваць яе без парушэння міжнароднага права ствараюць сацыяльныя праблемы. Таму варта разглядзець частковае ці нават агульнае скасаванне адпрацовак у будучыні.

Зразумела, што рэзкае поўнае скасаванне можа прывесці да сур’ёзных негатыўных наступстваў для рынку працы, які ўжо моцна залежыць ад сістэмы адпрацовак, асабліва ў дзяржаўным сектары. Таму рэфармаванне можа пачынацца з адмены размеркавання для асобных навучальных спецыяльнасцяў і адпаведных сектараў эканомікі.

Вось некаторыя крокi, што прапануюцца ў дакладзе для змякчэння сiстэмы адпрацовак:

  • Увесці празрыстыя крытэрыі размеркавання, даступныя студэнтам загадзя;
  • Стварыць незалежную камісію, не падпарадкаваную навучальным установам, для разгляду спрэчак па размеркаванні;
  • Абавязаць універсітэт публічна і дакументальна абгрунтоўваць адмову ў выбары месца працы;
  • Дазволіць частковае пагашэнне адпрацоўкі праз валанцёрскія праекты, працу ў дзяржаўных установах або сацыяльных праграмах;
  • Увесці праграмы частковага спісання кампенсацыі для выпускнікоў з нізкім даходам, інваліднасцю, маладых сем’яў і тых, хто працуе ў сацыяльна значных сферах;
  • Уключыць прадстаўнікоў студэнцкіх саветаў у камісіі па размеркаванні з правам вета;
  • Аўтаматычна зацвярджаць размеркаванне, калі студэнт самастойна знаходзіць працу ў дзяржаўным сектары па профілі;
  • Захаваць магчымасць самастойнага выбару месца працы ў межах прапанаваных дзяржавай варыянтаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)