Политика

Дракахруст: «Ад кантактаў з ЗША Рыжанкова крыху адхілілі. Там ёсьць свой дыплямат Тэртэль у пагонах»

Чаму афіцыйны Менск усё больш актыўна разьвівае адносіны з краінамі, якія знаходзяцца ў міжнароднай ізаляцыі, разважае на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Юры Дракахруст.

Юры Дракахруст

Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў праводзіць адпачынак у Паўночнай Карэі. Пра гэта паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал беларускага МЗС. Паводле яго, Рыжанкоў паехаў у КНДР разам з сям’ёй і знаходзіцца там у гасьцях у «сяброў».

Тым часам у Менск накіроўваецца ўрадавая дэлегацыя Аўганістану, якім з 2021 году кіруе ісламісцкі рух «Талібан». У складзе дэлегацыі 13 чалавек. На запрашэньне беларускага боку яны возьмуць удзел у пасяджэньні сумеснай беларуска-аўганскай камісіі па эканамічным і гандлёвым супрацоўніцтве. Беларусь чакае візыту прэзыдэнта М’янмы. Ён прыедзе ў Менск па запрашэньні Аляксандра Лукашэнкі адразу пасьля наведваньня Расеі.

Паводле палітычнага аглядальніка Юрыя Дракахруста, візыты Рыжанкова ў КНДР, візыты дэлегацыі М’янмы ў Беларусь — гэта працяг палітыкі самога Лукашэнкі.

— Рыжанкоў у пэўным сэнсе ідзе па сьлядах Лукашэнкі, — адзначае Дракахруст.

Лукашэнка двойчы наведваў М’янму — у лістападзе 2025 году і ў ліпені 2026-га, а ў сакавіку сёлета пабываў у Паўночнай Карэі. Экспэрт зьвязвае актывізацыю кантактаў з гэтымі краінамі і з эканамічнымі праблемамі Беларусі. Дракахруст зьвяртае таксама ўвагу на акалічнасьць, зьвязаную з перамовамі з ЗША.

— Ад кантактаў са Злучанымі Штатамі, так выглядае, Рыжанкова крыху адхілілі. Там ёсьць свой дыплямат Тэртэль у пагонах. Ну а Рыжанкову што застаецца? Застаецца Азія, застаецца КНДР, застаецца М’янма. Я думаю, што адзін з матываў гэтага павароту — тое, што дзесьці ж трэба зарабляць, — лічыць экспэрт.

Дракахруст прыводзіць наступныя лічбы:

— За паўгода экспарт Беларусі ў Эўразьвяз склаўся ў 160 мільёнаў эўра. Гэта вельмі няшмат для краіны. А ў Злучаныя Штаты ўвогуле вартае жалю — за паўгоду 8 мільёнаў даляраў. Гэта капейкі. Прычым нягледзячы на зьняцьце санкцыяў і ўсё іншае, гэта капеечны гандаль.

Палітычны аглядальнік адзначае, што і М’янма, і Аўганістан, і КНДР не багатыя краіны і шмат з іх не атрымаеш: «Але, як той казаў, курачка па зерне дзяўбе».

Паводле экспэрта, ёсьць і геапалітычныя разьлікі афіцыйнага Менску:

— Зразумела, як бы паварот на поўдзень. Эўропа нас ня хоча, Захад ня хоча. Будзем камунікаваць з поўднем. І я не выключаю, што ў гэтых сустрэчах, у гэтай палітыцы ёсьць і пэўны такі рэвэранс адносна Расеі.

Бо справа ў тым, што менавіта з гэтымі краінамі наладжвае адносіны Масква. З КНДР вельмі шчыльнае супрацоўніцтва. Проста з КНДР патокам ідзе зброя ў Расею, салдаты. КНДР — краіна, якая ваюе за Расею, ну, прынамсі, ваявала. Так што там вельмі шчыльныя адносіны.

Таксама з М’янмай у Масквы даволі цёплыя, шчыльныя адносіны. Ну і што тычыцца аўганцаў, то Расея, здаецца, адна з першых, ці ўвогуле пакуль адзіная краіна, якая іх фактычна прызнала. Яны ў Пецярбургу былі на эканамічным форуме, побач з Пуціным сядзелі. Як бы пэўны жэст і з боку Лукашэнкі, што старэйшы брат зь імі наладжвае адносіны, і мы таксама.

Пры гэтым экспэрт лічыць, што кантакты з талібамі паступова становяцца менш таксычнымі для іншых краінаў. Пасьля вываду амэрыканскіх войскаў з Аўганістану ў 2021 годзе існавалі вялікія асьцярогі, што новыя ўлады пачнуць экспартаваць ісламісцкую рэвалюцыю ў Цэнтральную Азію. Аднак, як адзначае Дракахруст, гэтага не адбылося.

— Яны нацыяналісты. Іх цікавіць Аўганістан, іх не цікавіць халіфат, — кажа ён.

Аднак экспэрт падкрэсьлівае: нягледзячы на пэўную зьмену стаўленьня да талібаў, гаворка ідзе пра рэжым з вельмі жорсткімі і архаічнымі правіламі, асабліва ў дачыненьні да жанчын.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(27)